Архіў навін - Аддзел па адукацыі, спорту і турызму Круглянскага раённага выканаўчага камітэта
Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Архіў навін

19.01.11

АКТЫВІСТКА ПА ЖЫЦЦІ

З гэтай прыемнай, усмешлівай, рухавай жанчынай некалькі гадоў сустракаліся і віталіся штодня, бо працавала Галіна Міхайлаўна Петрусевіч метадыстам раённага аддзела адукацыі і яе рабочы кабінет размяшчаецца ў Доме Cаветаў на адным паверсе з рэдакцыяй нашай раённай газеты. Нядаўна калегі па працы шчыра павіншавалі яе з юбілейнай датай з дня нараджэння. За шматгадовую выніковую працу і важкі ўклад у развіццё сістэмы адукацыі Кругляншчыны Галіне Міхайлаўне ва ўрачыстай абстаноўцы была ўручана Грамата раённага выканаўчага камітэта. А жанчыны, што працуюць у метадычным кабінеце аддзела адукацыі, параілі на старонках раённай газеты расказаць пра гэтага цудоўнага, светлага чалавека, што я з задавальненнем і раблю.Нарадзілася Галіна ў невялікай вёсцы з мілагучнай назвай Лясныя ў звычайнай вясковай сям’і. Бацька, Міхаіл Пятровіч Піткоўскі (на жаль, яго ўжо няма ў жывых), усё жыццё працаваў трактарыстам у колішнім калгасе “Кастрычнік”, хадзіў у перадавіках. Маці, Вера Іванаўна, якая даўно ўжо на заслужаным адпачынку, шчыравала на Ляснянскай малочнатаварнай ферме, неаднаразова была пераможцам раённага спаборніцтва. У сям’і, акрамя Галіны, падрасталі яшчэ трое дзяцей – два браты і сястра.Вучылася дзяўчына ў звычайнай сельскай сярэдняй школе ў вёсцы Валканосава. Паспявала па ўсіх прадметах. Але аднымі з самых любімых заняткаў былі ўрокі фізкультуры. Як лічыць Галіна Міхайлаўна, гэту любоў да спорту ёй прывіў таленавіты настаўнік, чалавек творчы і неардынарны, педагог і выхавальнік па складу душы Аляксандр Антонавіч Харкевіч. Захаплялася лёгкай атлетыкай, але найбольш прываблівалі лыжы. І як выявілася потым, спорт стаў для Галіны неад’емнай часткай жыцця.Пасля атрымання атэстата сталасці дзяўчына паступіла ў 1973 годзе на аддзяленне фізвыхавання Магілёўскага педвучылішча. І там працягвала ўдасканальваць сваё спартыўнае майстэрства. Удзельнічала нават у міжнародных спаборніцтвах па лыжных гонках. Пасля адных такіх спаборніцтваў, што праходзілі ў Казахстане, на Галіну, што называецца, “паклалі вока” трэнеры са Свярдлоўска, горада, вядомага сваёй выдатнай школай лыжнага майстэрства. Аднак яна адмовілася ад прапановы застацца там і звязаць жыццё з вялікім спортам.Па-першае, не ўяўляла сябе без Беларусі, без сваёй малой радзімы. Урэшце, была ў яе для той адмовы і асабістая прычына. Прыязджаючы на вакацыі да бацькоў у Лясныя, сустрэла Галіна сваё каханне, як выявілася, на ўсё жыццё. На танцы ў Лясныя прыходзіў з суседняй вёскі Навапруддзе сціплы і, здавалася, нічым асабліва не адметны юнак – Васіль Петрусевіч. Яму і аддала дзяўчына перавагу перад больш бойкімі кавалерамі. Калі Галіна была на апошнім курсе педвучылішча, яны пажаніліся. І з 1975 года дружна ідуць па жыцці разам, не разгубіўшы лепшых пачуццяў адно да аднаго.— Вучылішча закончыла ў 1976 годзе, — узгадвае Галіна Міхайлаўна, — па накіраванню прыехала ў родны раён. А праз два тыдні нарадзіла сына-першынца. Памятаю, як вельмі дабразычліва паставіўся да мяне колішні загадчык рана, чалавек вялікай душы і добрага сэрца Уладзімір Арцёмавіч Каравацкі, калі я прый-шла да яго з малым на руках уладкоў-вацца на працу. Казаў: “Вось малайчына! І вучобу паспела закончыць, і сына нарадзіць”. Накіраваў мяне выхавальнікам у дзіцячы садок №1 і... адправіў у водпуск па догляду дзіцяці. Але літаральна праз паўгода мне прапанавалі пераўладкавацца выхавальнікам у дзіцячы садок №4. І я неўзабаве выйшла на працу. А з сынам заставалася мая матуля, мая Вера Іванаўна.Ужо з першых дзён Галіна Міхайлаўна зразумела, што не памылілася ў выбары прафесіі выхавальніка: ёй падабаліся дзеці, падабаліся іх бацькі. І ім прыйшлася да спадобы маладая добразычлівая выхавальніца. А яна, адпрацаваўшы ў гэтым садку чатыры гады, прыйшла да высновы, што патрэбна павышаць ква-ліфікацыю. Паступіла на завочнае аддзяленне колішняга Магілёўскага педагагічнага інстытута імя А. Куляшова, зноў жа, на факультэт да-школьнага выхавання. Не паспела маладая жанчына закончыць гэту ўстанову, як атрымала новую цікавую прапанову – узначаліць ведамасны дзіцячы садок ПМК-92, які сёння ў райцэнтры лічыцца пад нумарам 7. Было гэта ў 1986 годзе.У новых клопатах і турботах імкліва ляцеў час. Дзіцячы садок пад кіраў-ніцтвам Г.М. Петрусевіч стаў адным з самых лепшых на Кругляншчыне. Колькі цікавых і захапляльных мера-прыемстваў тут праводзілася з удзелам выхаванцаў і іх бацькоў, колькі перамог у разнастайных конкурсах атрымана калектывам! Галіна Міхайлаўна пастаянна была генератарам ідэй, новых цікаўных задумак.А ў 1998 годзе ў жыцці адбыўся новы паварот. Як таленавітага педагога, кіраўніка і спецыяліста Г.М. Петрусевіч перавялі ў метадычны кабінет раённага аддзела адукацыі куратарам дзіцячых дашкольных устаноў раёна. Дванаццаць гадоў натхнёна і творча адпрацавала Галіна Міхайлаўна на гэтай пасадзе. Пра дзелавыя якасці жанчыны лаканічна, але вельмі ёмка сказана ў яе службовай характарыстыцы: “Педагогі дашкольных устаноў з’яўляюцца ўдзельнікамі абласных семінараў, «круглых сталоў», педагагічных чытанняў, навукова-практычных канферэнцый. У 2010 годзе выступленні двух педагогаў увайшлі ў зборнік матэрыялаў абласной навукова-практычнай канферэнцыі па тэме: “Выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій у павышэнні якасці дашкольнай і пачатковай адукацыі».Дзякуючы намаганням Г.М. Петрусевіч шмат зроблена па развіццю сеткі дашкольных устаноў згодна попыту бацькоў на дадатковыя паслугі. Пад яе кіраўніцтвам адкрыты чатыры санаторныя групы, адна – спецыяльная для дзяцей з маўленчымі парушэннямі, два пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. У раённым метадычным кабінеце ў 2009 годзе абагульнены вопыт работы метадыста Г.М. Петрусевіч па тэме “Фарміраванне, вывучэнне, абагульненне і распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту”.Па працы і гонар. У 2007 годзе яе праца адзначана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі аблвыканкама. А ў жніўні сёлетняга года на жнівеньскай канферэнцыі педагогаў Кругляншчыны Галіне Міхайлаўне была ўручана Грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.Службовыя клопаты і турботы не сталі перашкодай для Галіны Міхайлаўны і яе мужа (а Васіль Васільевіч вось ужо 30 гадоў нязменна ўзначальвае калектыў рамонтнай майстэрні райаграпрамтэхснаба) у выхаванні ўласных дзяцей. Яны сталі дастойнымі людзьмі. Сын Дзіма – прадпрымальнік. Дачка Вольга, як і маці, закончыла Магілёўскі пед-інстытут і працуе настаўнікам фізкультуры ў адной са школ горада Быхава. На радасць Галіне Міхайлаўне і Васілю Васільевічу падарыла ім дваіх унукаў.У час нашай размовы з Г.М. Петрусевіч за вакном ужо кружыліся першыя сняжынкі, прырода напамі-нала аб тым, што на зямлю вось-вось прыйдзе сапраўдная зіма.-- А не шкада развітвацца з лю-бімай справай, якой аддалі столькі гадоў жыцця, запалу душы, не бу-дзеце сумаваць без ранейшых педагагічных клопатаў? – не ўтрымаўся, запытаўся ў маёй субяседніцы.— Канешне, шкадаванне ёсць. А вось часу для суму і бяздзейнасці пасля таго, як развіталася з педагагічнай дзейнасцю, у мяне няма і не будзе. У нашай сям’і чацвёрты год выхоўваецца прыёмнае дзіця — дзяўчынка, якой ужо чатырнаццаць. У такім узросце ей неабходна асаблівая ўвага. Да таго ж, матулі ўжо 78 гадоў. І ў мяне з’явіцца больш часу, каб наведвацца да яе ў Лясныя. Наша Вера Іванаўна не любіць, каб зямля пуставала, зарастала быльнягом. Сямейнай талакою штогод садзім на яе вялікім агародзе бульбу, сеем зерневыя, вырошчваем на градках гародніну. Маці – вялікі аматар кветак. І зараз у палісадніку каля яе хаты штогод цвітуць і будуць цвісці з вясны да позняй восені самыя розныя кветкі, любоў ад якіх ад матулі перадалася і мне, і маім дзецям. Дарэчы, каб ні ад каго не залежыць, бо муж і сын – людзі занятыя, і часцей наведвацца з Круглага да матулі ў Лясныя, год назад я атрымала правы на ваджэнне аўтамабіля і зараз магу ў любы час выбрацца ў родную вёску ці паехаць па іншых сваіх справах.Не пакідае для Галіны Міхайлаўны часу на сум і яе актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці. Вось ужо на працягу 19 гадоў яна спявае і будзе працягваць спяваць у скла-дзе народнага ансамбля “Вераснянка”, 13 гадоў удзельнічае ў царкоўным хоры.— А як жа спорт?— О, спорт – гэта на ўсё жыццё. Штогод прымаю ўдзел у “Круглянскай лыжні” і заўсёды выходжу пераможцам альбо прызёрам у сваёй узроставай групе. Штогод выступаю ў лыжных спаборнітцтвах за наш раён у Магілёве. Не разгубіла гэты запал і зараз. На “Круглянскай лыжні-2011” зноў абавязкова выйду на старт....Я слухаў Галіну Міхайлаўну і па-добраму зайздросціў гэтай неардынарнай жанчыне, зайздросціў яе рознабаковым здольнасцям, яе аптымізму і ўлюбёнасці ў жыццё. Здароўя Вам, паважаная Галіна Міхайлаўна, шчасця ў сям’і, поспехаў ва ўсіх справах і захапленнях.